Выстава творчых работ бярэзінскіх майстроў на раённых дажынках у аграгарадку Паплавы прайшла пад агульнай назвай "Уся справа ў капелюшы". Галаўныя ўборы з саломкі, прыродных матэрыялаў, папяровых і газетных трубачак, звязаныя шыдэлкам здзіўлялі сваёй прыгажосцю і адметнасцю, знайшоўся нават капялюш, які “заклікаў” да здаровага ладу жыцця, а найбольшае ўражанне пакінуў капялюш пад назвай “Аграсядзіба”. Для шматлікіх прыгажунь бярэзінскага краю гасцінна расчыніў свае дзверы “Шляпный салон”, дзе нават люстэрка было зроблена ў форме вялізнага капелюша.
Акрамя галаўных убораў на свяце былі прадстаўлены драўляныя кампазіцыі, вышыўка, пэчварк, лялькі, лыжкі і інш. творчыя работы, праз якія народныя ўмельцы імкнуліся адлюстраваць і раскрыць уласны свет захапленняў, тым самым прадэманстраваўшы непаўторную фантазію, талент і майстэрства іх стваральнікаў.
Свае работы на раённае свята “Дажынкі” прадставілі Г.В.Агароднік, Т.С.Альшэўская, А.А.Грынкевіч, Г.А.Ждановіч, І.М.Капко, С.З.Крачкоўская, А.А.Лапыцька, В.А.Мурашка, А.М.Строк, Т.А.Тарасенка, С.М.Шмэрка. У афармленні выставы, акрамя супрацоўнікаў цэнтра рамёстваў і клуба майстроў, прыняла ўдзел Т.У.Ждановіч.
Фотаздымкі Аляксандра (Аліка) Сіняка.
|