Катэгорыі раздзела

Пошук

Статыстыка

Главная » Статьи » СМІ пра нас

Беларускі пояс

"БЕЛАРУСКІ ПОЯС”

21.07.2011, 17:05; Рубрика: Актуальна    

<!--[if !vml]-->08<!--[endif]-->Нядаўна горад Узда займеў цэлую калекцыю беларускіх традыцыйных паясоў. Такі падарунак уздзенцам зрабілі ўдзельнікі першага абласнога свята-конкурсу "Беларускі пояс”. У хуткім часе тут з’явіцца яшчэ і музей – сімвал горада і радасць для турыстаў, і свята назаўсёды атрымае прапіску ва Уздзе. Прыемна адзначыць, што свой уклад у  падарунак зрабілі гаспадарам мерапрыемства і бярэзінскія майстры.

- Ідэя правесці свята-конкурс "Беларускі пояс” з’явілася ў Мінскім абласным цэнтры народнай творчасці даўно, – гаворыць старшыня журы, намеснік дырэктара цэнтра Наталля Даўнаровіч. – Але да яе ўвасаблення ішлі паступова. Яшчэ дзесяць гадоў назад у Мінскай вобласці было толькі 6 майстроў па вырабе традыцыйнага пояса. А зараз іх ужо звыш шасцідзесяці чалавек. Ёсць што паказаць і чаму падзівіцца.

Такая цікавасць да аднаўлення традыцый пляцення паясоў невыпадковая. Так лічыць член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, член журы Галіна Суша. Яна называе пояс абярэгам.  Пояс трымае нас як кола, ён аберагае чалавека.

Сярод паважаных удзельнікаў свята-конкур-су была Вера Сільвановіч. Яна стаяла ля вытокаў адраджэння традыцый у 1980-я гады, калі яшчэ працавала ў Акадэміі навук Беларусі. Яна была першай, хто вучыўся плесці паясы ў бабуль, а пасля вучыў іншых. Дзякуючы яе намаганням і выдадзенай кніжцы "Ткацтва на дошчачках”, тэхнікай рамяства сёння могуць авалодаць многія.

Вядомыя розныя спосабы вырабу паясоў – на бёрдзечку (дошкі са шчылінамі і круглымі адтулінамі, якія чаргуюцца), на ніту (прыстасаванне з петлямі, на якія падчэпліваецца палова нітак асновы пояса), на дошчачках (квадратныя пласціны з адтулінамі на вуглах), у тэхніцы пераборнага ткацтва, плеценыя…

Тры гадзіны майстры карпелі над рознакаляровымі ніткамі, пальцы спрытна складалі неверагодныя ўзоры, а гледачы мітусіліся, стараючыся спазнаць таямніцу рамяства.

Тры браты – Дзіма, Вадзім і Антон Куляшовы з вёскі Чыжаха пачалі займацца пляценнем паясоў два гады назад. Заразілі яны гэтай справай і сваіх бацькоў. Гледачы не без здзіўлення сачылі, як не разгінаючы спіны чаравалі падлеткі над паясамі, малодшаму з іх, Антону, толькі сем гадоў.

Уразілі гледачоў на свяце-конкурсе талент і майстэрства любушанскіх бабуль Зінаіды Карэнька, Надзеі Маркоўскай, Вольгі Макарэвіч і Надзеі Літвіненка, якія пралі кудзелю не толькі на калаўроце, але і на верацяне. Сёння наўрад ці знойдзецца такі чалавек, які б умеў гэтак спраўляцца са льном, ператвараючы яго ў тоненькую нітку – з іх некалі нашы бабулі плялі паясы, ткалі. Валожынцы прыцягнулі ўвагу гледачоў тым, што плялі паясы па мясцовай традыцыі: седзячы на траве.

Гран-пры свята-кон-курсу ў намінацыі "За зберажэнне і развіццё традыцый пляцення і ткацтва паясоў” дасталося дырэктару Старадарожскага цэнтра рамёстваў. Не пакрыўдзілі члены журы і бярэзінскіх майстроў. Яны атрымалі 16 дыпломаў са 100.

Зінаіда Карэнька, Надзея Маркоўская, Вольга Макарэвіч і Надзея Літвіненка атрымалі дыпломы ў намінацыі "За зберажэнне і творчае развіццё традыцый прадзення нітак, высокае прафесійнае майстэрства, падтрымку культурных традыцый”. Адзначыла журы і дружную сям’ю Куляшовых. Уладальнікам дыпломаў у намінацыях "За беражлівае стаўленне да лепшых традыцый” і "Самы малады ўдзельнік” стаў Антон Куляшоў, а яго сям’я была адзначана дыпломамі ў намінацыях "За беражлівае стаўленне да мясцовых традыцый, адраджэнне рэгіянальных тэхнік вырабу паясоў”  і  "За творчы ўклад у развіццё традыцый вырабу паясоў”.

Дыпломамі за актыўны ўдзел у свяце-кон-курсе былі ўзнагароджаны Аксана Цісецкая, Настасся Несцяровіч, Тамара Крыварот і Кацярына Карканіца. Дыплом у намінацыі "За лепшы плецены паясок” дастаўся  Галіне Ашэйчык. З узнагародай вяртаўся з конкурсу ў родныя Любушаны і яшчэ адзін майстар – Уладзімір Аўчук. Ён атрымаў дыплом у намінацыі "За творчае мысленне і наватарскі падыход да вырабу паясоў”.

Валянціна ПЫТЛЯК,

супрацоўнік РДК.

 

Категория: СМІ пра нас | Добавил: майстры (30.05.2012)
Просмотров: 1325 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]