Катэгорыі раздзела

Пошук

Статыстыка

Главная » Статьи » СМІ пра нас

Народных талентаў чароўная скарбонка

НАРОДНЫХ ТАЛЕНТАЎ ЧАРОЎНАЯ СКАРБОНКА

28.09.2010, 20:00; «Бярэзінская панарама” Рубрика: Культура    

30 верасня, у 12 гадзін адбудзецца ўрачыстае адкрыццё пакоя-музея па вуліцы Піянерскай, 51. Гэта знакавая падзея для ўсіх жыхароў Бярэзінскага раёна. Асабліва чакаюць яе члены клуба майстроў: 32 аматары дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Kurnevich

Клуб майстроў створаны на базе Бярэзінскага раённага Дома культуры ў верасні 1998 года. У 2001 годзе рашэннем калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь №9  ад 30 жніўня клубу прысвоена ганаровае званне "народны”.

Сёння народны клуб майстроў – аб’яднанне людзей, якія займаюцца самымі рознымі відамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, жывуць і працуюць у Бярэзінскім раёне. Яны стварылі свой клуб не толькі таму, што ўвесь вольны час прысвячаюць любімаму захапленню, але і таму, што прагнуць перадаць сваё майстэрства моладзі; удзельнічаюць у выставах-конкурсах і такім чынам даюць магчымасць шырокаму колу людзей пазнаёміцца са сваёй творчасцю; атрымліваюць задавальненне ад сустрэч з майстрамі з іншых рэгіёнаў, паказваюць, на што яны здатныя, і вучацца ў іншых.

Сёння бярэзінскія майстры дасканала валодаюць сакрэтамі ткацтва, разьбы па дрэве, вышыўкі, саломапляцення, бісерапляцення, выцінанкі і вязання, перадаюць свае навыкі  на секцыях і сустрэчах, майстар-класах і ўроках майстэрства.

Тон у гэтай справе задае сям’я Грынкевічаў з вёскі Навасёлкі. Тут, як кажуць, жывуць майстры на ўсе рукі. Сярод захапленняў – бацік, бісерапляценне, вырабы са скуры, вышыўка, вязанне, стварэнне лялек, выцінанка і фотадызайн. Творчай фантазіяй і пошукам новых ідэй зараджае сваіх сыноў – Юрыя і Сяргея – матуля, Аляксандра Анатольеўна, якая працуе дырэктарам Лешніцкага СДК. Дзякуючы яе намаганням, вось ужо некалькі гадоў ва ўстанове культуры створаны тэатр-дэфіле. Разам з А. А. Грынкевіч лешніцкія дзяўчынкі распрацоўваюць і вырабляюць мадэлі сучасных сукенак, майструюць разнастайныя аксесуары, а потым дэманструюць іх на вялікай сцэне.

Не толькі гэтым абмяжоўваецца творчая дзейнасць А. А. Грынкевіч. Амаль кожны год жанчына  здзіўляе калег і паклоннікаў асваеннем новых відаў рамёстваў і выставамі. Нікога не пакіне раўнадушным яе апошняя калекцыя вязаных вырабаў пад назвай "Поры года”.

Аляксандра Анатольеўна – пастаянная і актыўная ўдзельніца абласных і рэспубліканскіх конкурсаў і святаў дэкаратыўна- прыкладной творчасці. Нядаўна разам з майстрам саломапляцення Ірынай Аляксандраўнай Цюхай яна прымала ўдзел у ІІ абласным свяце "Беларуская лялька” ў горадзе Слуцку. Тут яна атрымала дыплом за лепшае ўвасабленне гістарычнага касцюма. У маі гэтага года вялікая група дзяцей з нашага раёна ўдзельнічала ў абласным свяце дзіцячай творчасці "Калыска талентаў”. Вучаніца А. А. Грынкевіч, Крысціна Цішкевіч стала ўладальніцай дыплома за лепшую выцінанку. Чым жа яна вылучылася сярод іншых? У Бярэзінскім раёне ўпершыню спалучылі ў гэтым рамястве традыцыйнае і сучаснае – звычайныя нажніцы, паперу і тэхнічныя магчымасці камп’ютэра. Атрымліваецца цудоўна!

Лепшым майстрам саломапляцення ў раёне па праву лічыцца Ірына Аляксандраўна Цюхай. Яе арыгінальныя і вытанчаныя саламяныя вырабы можна часта бачыць на персанальных выставах у раённым Доме культуры. У  калекцыі І. А. Цюхай – куфэркі, падносы, хлебніцы, сурвэткі, дэкаратыўныя цацкі, рамкі для фотакартак, пано, мужчынскія і жаночыя ўпрыгожванні ад малых сумак да капелюшоў. Сваім захапленнем жанчына шчодра дзеліцца з дзецьмі ў майстэрні саломапляцення. Праводзіць урокі майстэрства Ірына Аляксандраўна і для кіраўнікоў гурткоў дэкаратыўна-пры-кладнога мастацтва сельскіх клубных устаноў. Вынікам гэтага супрацоўніцтва стане раённае свята "Саламяныя ўборы”, правядзенне якога запланавана на 3 кастрычніка ў Любушанскім СДК. Удзельнічаць у мерапрыемстве будуць 6 устаноў культуры, якія рыхтуюць саламяныя сукенкі, галаўныя ўборы і аксесуары. Чыя калекцыя будзе прызнана лепшай?

Кожны год адкрывае для нас новыя і новыя імёны майстроў.

Так, сапраўдным адкрыццём гэтага года стаў для бярэзінцаў Уладзімір Сяргеевіч Бондар. Працуе ён настаўнікам працы ў СШ №2 горада Беразіно, а ў вольны час займаецца дэкарыраваннем. Сведчаннем вялікага таленту і здольнасцяў майстра стала яго першая персанальная выстава работ у РДК. Дастаткова пералічыць толькі іх назвы "Призвание моё”, "Делу время”, "Жизнь”, "Кристалл знаний” , "Лежит груша – нельзя скушать”, "Ностальгия по лету”, "Когда часы 12 бьют”, ”Я помню чудное мгновенье”, "Послание из прошлого”. Цяжка ўявіць сабе, што для стварэння  шэдэўраў майстар выкарыстаў дрэва, ракавінкі, шкло і каменне.

Пастаянна колькасць народных майстроў папаўняецца аматарамі вышыўкі. Дасканала авалодалі сакрэтамі гэтага майстэрства і наладзілі свае першыя персанальныя выставы Алена Мікалаеўна Трапачова і Эма Іосіфаўна Курневіч. Дарэчы, Бярэзіншчына здаўна ганарыцца залатымі рукамі і творчай фантазіяй вышывальшчыц. Так, шмат гадоў займаюцца вышыўкай Ніна Эдуардаўна Насульская і яе дзве дачкі – Вольга Мамановіч і Алена Гапеева. Яны – актыўныя ўдзельніцы ўсіх выстаў у Сялібскім СДК. Не стамляюцца гэтыя жанчыны дзяліцца сакрэтам рамяства з дзецьмі. Зараз майстры асвойваюць новы від творчасці – вышыўку стужкамі і даволі хутка запросяць усіх на выставу. Не забыты і традыцыйныя сакрэты вышыўкі. Іх пастаянна ўдасканальваюць знатныя вышывальшчыцы  Марыя Валер’еўна Слабко, Галіна Іванаўна Кіклевіч, Валянціна Іванаўна Шкудрова, Ніна Аляксандраўна Лапыцька, Марыя Аляксандраўна Лапыцька, Ала Віктараўна Гарбар, Людміла Іванаўна Ямкова, Людміла Піліпаўна Паўленка.

Цікавая творчая сустрэча была наладжана работнікамі раённага Дома культуры напярэдадні Новага года. У Бярэзінскай дзяржаўнай гімназіі працавала выстава навагодніх кампазіцый лепшага ў раёне майстра фларыстыкі Алены Міхайлаўны Строк. Шмат гадоў яна была дырэктарам раённай бібліятэкі, а на заслужаным адпачынку выявіла ў сябе новы талент – ствараць прыгожыя кампазіцыі з сухіх раслін. Захапленне фларыстыкай стала для Алены Міхайлаўны ладам жыцця. Цяпер яна з задавальненнем перадае сакрэты сваёй творчасці вучням Бярэзінскай дзяржаўнай гімназіі, займаецца афармленнем класных пакояў і рэкрэацый навучальнай установы, пастаянна наладжвае выставы работ.

Валодае  сакрэтамі прыгожых кампазіцый з сухіх раслін і кветак у нашым раёне і мастак-афар-міцель Бярэзінскай цэнтральнай бібліятэкі Яўгенія Васільеўна Бадрова. Дзякуючы вытанчанаму густу і тонкаму адчуванню прыгожага, майстру ўдалося арыгінальна аформіць бібліятэчныя пакоі. Кампазіцыі Я. В. Бадровай можна пабачыць не толькі ў бярэзінскіх бібліятэках, але і ў абласных установах культуры.

Багатая бярэзінская зямля і майстрамі разьбы па дрэве. Вось ужо 12 гадоў захапляецца гэтай справай Яўген Паўлавіч Осіпаў. Працуе ён выкладчыкам фізікі, астраноміі, інфарматыкі і малявання ў сельскай школе. Сёння ён – уладальнік вялікай калекцыі драўляных вырабаў. Яўген Паўлавіч не проста добры майстар, але і жартаўнік, і вынаходнік. Так, у калекцыі Я. П. Осіпава ёсць лыжка–вожык, лыжка ёмістасцю 12 літраў, лыжкі пад назвамі "Мішка вельмі любіць мёд” і "Раніца”. На першае абласное свята "Бярэзінскія лыжкары” Яўген Паўлавіч прыехаў са сваімі вучнямі, якія жадаюць навучыцца старадаўняму рамяству і пераўзысці свайго настаўніка.

Зусім нядаўна адкрыў у сябе талент майстра разьбы па дрэве пенсіянер з Беразіно, Васіль Андрэевіч Мурашка. А сёння ён ужо мае свой сакрэт. Лыжкі В. А. Мурашкі падобныя адна на адну, нібы вырабленыя на "станку –аўтамаце”. Да іх так і цягнуцца рукі: лыжкі такія прыгожыя і гладкія, што здаецца нібы гэта не дрэва, а нейкі загадкавы цёплы матэрыял. Працавітасці Васілю Андрэевічу Мурашку ў іншых майстроў не пазычаць. Ён наладзіў персанальную выставу "Мая калекцыя”, дзе сабраў 100 лыжак!

У 2007 годзе член народнага клуба майстроў Аляксандр Раманавіч Сіняк атрымаў спецыяльную прэмію Мінаблвыканкама ў намінацыі "Народныя промыслы і рамёствы”. У той жа час у раённым Доме культуры была наладжана персанальная выстава майстра. Гэта стала добрым знакам у яго жыцці і дала новы штуршок да творчасці. На рэгіянальным свяце-конкурсе "Разьбы зачараванне”, што праходзіў у Мядзелі, Аляксандр Раманавіч Сіняк стаў лаўрэатам у намінацыі "За захаванне і развіццё традыцый разьбы па дрэве”. Прадаўжальнікам спраў слаўнага бярэзінскага разьбяра стаў яго брат – Андрэй Раманавіч Сіняк.

Цягнуцца да здатных майстроў і пачынаючыя. Зусім нядаўна праявіўся талент да разьбы па дрэве ў жыхара вёскі Міхалёва Мікалая Георгіевіча Валасевіча. За плячыма ў мужчыны вучылішча дрэваапрацоўшчыкаў. Вылучаецца М. Г. Валасевіч сярод іншых майстроў неверагоднай настойлівасцю: да свята лыжкароў у Беразіно ён выразаў некалькі прыгожых лыжак і быў адзначаны дыпломам.

28 верасня пачала сваю работу ў раённым Доме культуры выстава нашага таленавітага земляка Дзмітрыя Генадзьевіча Сыча. Малады мастак вучыць жывапісу і творчасці дзяцей у дашкольным цэнтры "Крынічка” і школе мастацтваў. Дзмітрый Генадзьевіч дэманструе гледачам свае карціны, сярод якіх – партрэты бацькоў і бярэзінскія краявіды. Не стамляецца тварыць і шукаць свой шлях у мастацтве Сняжана Яўгенаўна Нікуліна. Мастачка даўно вядома ў раёне і мае вялікую армію паклоннікаў сваёй творчасці.

Паспяхова асвойваецца і новы накірунак дэкаратыўна- прыкладнога мастацтва – папяровая філігрань. Гэтым відам мастацтва ўпершыню сталі займацца ў Кітаі, дзе вынайшлі спосаб вырабу паперы. Сёння папяровая філігрань карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод школьнікаў і моладзі рэгіёна. Заслуга ў гэтым цалкам нале-жыць кіраўніку клуба народных майстроў Наталлі Яўгенаўне Казлоўскай. У творчай скарбонцы жанчыны пано і дэкаратыўныя цацкі, ёсць нават лыжкі, сабралася вялікая армія юных прадаўжальнікаў майстра, якая яшчэ абавязкова заявіць аб сабе новымі цікавымі работамі. Дасканала валодае сакрэтамі цестапластыкі і імкнецца перадаць сакрэты рамяства дзятве і моладзі майстар Алена Леанідаўна Сяліцкая. Не мае роўных сабе  на ніве традыцыйнай культуры Тамара Ігнацьеўна Крыварот. А вось Аксана Міхайлаўна Цісецкая і Кацярына Уладзіміраўна Карканіца плятуць паясы на дошчачках. Гэтаму майстэрству яны навучылі ўжо некалькі сваіх вучняў, сярод іх нават хлапчукі. Зараз ужо яны перадаюць сакрэты пляцення сваім бацькам, каб разам удзельнічаць у рэспубліканскім свяце "Дажынкі-2011”, што пройдзе ў Маладзечна.

- Члены народнага клуба майстроў знаходзяцца ў пастаянным творчым пошуку і надалей плануюць актыўна прапагандаваць сваю творчасць праз выставы і святы-конкурсы па розных відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, – абяцае арганізатар аб’яднання Ганна Аляксандраўна Ждановіч. – Жадаюць майстры перадаць сакрэты старажытнага рамяства моладзі, якая павінна працягнуць традыцыі народнага клуба і нацыянальнай беларускай культуры.

* Матэрыял падрыхтавала Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Алены ГРОМАВАЙ..

Категория: СМІ пра нас | Добавил: майстры (31.05.2012)
Просмотров: 1466 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]