18 мая ў горадзе Мядзелі
адбыўся У1 рэгіянальны фестываль майстроў разьбы па дрэве "Разьбы зачараванне”.
Удзел у фестывалі прынялі майстры Мядзельскага, Чэрвеньскага, Бярэзінскага,
Стаўбцоўскага, Валожынскага раёнаў. Бярэзінскі раён на фестывалі прадстаўлялі
члены Народнага клуба майстроў Яўген Паўлавіч Осіпаў, Васіль Андрэевіч Мурашка
і Уладзімір Бузін. Асноўную частку хатняй калекцыі бярэзінскіх майстроў
складалі лыжкі і гэта не выпадкова: кожныя два гады ў Беразіно праводзіцца
свята "Бярэзінскія лыжкары”, створаны адзіны ў
краіне пакой- музей драўлянай лыжкі, створаны помнік драўлянай лыжцы,
які пакуль стаіць у майстэрні НКМ у
чаканні свайго "выхаду ў свет”.
Разнастайныя драўляныя
вырабы былі прадстаўлены на свяце
Яўгенам Паўлавічам Осіпавым. Кожная яго драўляная лыжка – гэта шэдэўр, гэта
эксклюзіўны твор, бо і ідэя, і
задума, і выкананне – яго аўтарскае бачанне, яго талент, яго
майстэрства. Яўген Паўлавіч стварыў 4 лыжкі з выявай герба горада Беразіно. Усе яны розныя,
арыгінальныя, прыгожыя, з выдумкай…Патрымаеш такую ў руках – падзівішся
майстэрству творцы і запомніш , і пераканаешся яшчэ раз у тым, што ў нас такія
цікавыя і таленавітыя людзі жывуць. Журы фестывалю, якое ўзначальваў Яўген
Міхайлавіч Сахута, прафесар, доктар мастацтвазнаўства, старшыня Беларусага
саюза майстроў, высока ацаніла работы Яўгена Паўлавіча Осіпава і адзначыла майстра дыпломам лаўрэата ў
намінацыі "За лепшы твор утылітарнага характару”. Яўген Паўлавіч Осіпаў згодны
стварыць школу лыжкарскага майстэрства на базе Лагаўской школы, дзе ён працуе
настаўнікам. Школа лыжкарскага майстэртсва магла б стаць першай у Рэспубліцы
Беларусь… Неабходныя ўмовы для гэтага ёсць, а галоўнае - ёсць вучні , якім
цікава займацца гэтай справай. Напрыклад, вучань Яўгена Паўлавіча Осіпава - Уладзімір
Бузін удзельнічаў у свяце-конкурсе "Бярэзінскія лыжкары” і на фестывалі таксама прадставіў свае драўляныя лыжкі. Як і ў настаўніка, лыжкі Уладзіміра арыгінальныя і вытанчаныя, даведзеныя да ладу, яны могуць
упрыгожыць не толькі кухню, яны могуць быць прыемным і прыгожым сувенірам
родным і сябрам, як напамінак аб нашай гісторыі, спадчыне, краіне Беларусі.
Вельмі важна падтрымаць пачынаючага майстра, даць магчымасць развіцца яго
таленту. Зараз для моладзі прэстыжна валодаць кам’ютарам, часамі "сядзець” у
інтэрнэце, а знайсці разцы і зрабіць цікавую шыкоўную рэч уласнымі рукамі не
кожны зможа. У Уладзіміра Бузіна гэта атрымалася і не дрэнна, ён адзначаны
дыпломам за 1 месца ў намінацыі "За арыгінальнасць вырабу”.
Васіль Андрэевіч Мурашка
атрымаў дыплом за 1 месца ў намінацыі "За зберажэнне традыцый разьбы па дрэве”.
Яго лыжкі простыя, зграбныя, добра апрацаваныя. Лыжкі Васіля Андрэеевіча
падобныя адна на адну, гэта яго творчы подчырк, яго ўласная тэхналогія, а каму
здаецца што гэта не зусім цікава, паспрабуйце зрабіць дзе лыжкі падобныя адна
на адну і пераканайцеся у тым, што гэта не так проста, як вам здаецца.
Работы бярэзінскіх майстроў і
майстроў-лыжкароў Мінскай вобласці можна ўбачыць у пакоі- музеі драўлянай
лыжкі(вул. Маладзежная,5). У музеі можна пазнаёміцца з матэрыяламі
аб лыжкарскім майстэрстве, аб гісторыі драўлянай лыжкі, даведацца шмат
цікавага і нават прыняць удзел у імправізаваным канцэрце ансамбля лыжкароў.
Кіраўнік Народнага клуба майстроў Бярэзінскага РДК Ганна Ждановіч.
|