Каляндар

«  Октябрь 2013  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031

Пошук

Статыстыка

Главная » 2013 » Октябрь » 28 » Зямля пад белымі крыламі
00:04
Зямля пад белымі крыламі

Выстава народнай творчасці "Зямля пад белымі крыламі" была прэзентавана 23 кастрычніка. Выстава наладжана ў зале адкрытага фонда будучага раённага гісторыка-краязнаўчага музея.

У кожнага чалавека ёсць Радзіма, і кожны любіць яе. Любіць месца, дзе нарадзіўся і жыве. Любіць родную прыроду, свой народ. Любіць сваю родную мову і песні свайго народа, казкі, танцы, кнігі … Без бацькаўшчыны і без свайго народа чалавек не можа жыць.

 У Беларусі ясныя вочы, многа любові ў грудзях:
Звонкае поле, звонкія сосны, звонкі і сонечны шлях
.

У Беларусі кожны куточак, дзе ты не пойдзеш, пяе…
Звонкае слова, звонкая песня, звонкае сэрца яе.

Як прыемна кожны дзень адкрываць для сябе таленавітасць нашага народа, бачыць прыгажосць роднага куточка, слухаць пявучую беларускую мову і адчуваць ў душы вялікі гонар за сваю Радзіму.

Беларусь — край легенд, казак і паданняў. Зямля пад белымі крыламі, сінявокая Беларусь — так вельмі часта называюць нашу родную краіну. Яна славіцца сваімі лясамі, рэкамі, азёрамі, працавітымі і шчырымі людзьмі.

Наведвальнікі выставы  маюць магчымасць пазнаёміцца з таямніцамі і цудамі беларускай зямлі, дакрануцца душой да яе  гісторыі, традыцый.

Вядучая свята Т.І Верамейчык сказала:

"Лёс нам даў мірны характар, чулае сэрца, шчырую душу, бязмерную шчодрасць і гасціннасць а усім,хто прыйшоў сёння на нашу імпрэзу яшчэ і вялікі талент. Беларусы здаўна  славяцца сваімі рамёствамі. Сёння мы маем магчымасць дакрануцца сэрцам да вытокаў душэўнай прыгажосці, на свае вочы пабачыць тое, што захавала цеплыню рук і сэрцаў тых майстроў, што стварылі гэту прыгажосць."

Са  словамі прывітання да прысутных звярнулася  кіраўнік Народнага клуба майстроў Ганна Аляксандраўна Ждановіч:

" Над зялёнымі палямі, над векавымі пушчамі, над зялёнымі лугамі, над блакітнымі стужкамі рэк, над люстэркамі незлічоных азёр лунаюць белакрылыя буслы. Кожны ведае, што бусел —  сімвал роднай Беларусі.  Таму нашу краіну называюць зямлёй пад белымі крыламі. Менавіта гэтыя прыгожыя словы "Зямля пад белымі крыламі” сталі назвай нашай выставы, на якой прадстаўлены ткацтва, вышыўка, выцінанка- работы майстроў Бярэзіншчыны. Выставы работ майстроў старэйшага пакалення заўседы выклікаюць цікавасць таму, што мы маем магчымасць пабачаць і пазнаць нашы карані, нашу гісторыю, нашу традыцыйную культуру: міфалогію, абрады, рамёствы.

Асноўная ідэя нашай выставы можа быць акрэслена вершаванымі радкамі:

Беларусь — гняздо буслоў, птушак белакрылых.
Наша родная зямля, наш куточак мілы.

Птушка бусел , «бацян», «Буська», як яе ласкава называюць беларусы, шырока прадстаўлены ў беларускай міфалогіі , паводле якой гэта чалавек ці анёл , які быў пакараны богам за цікаўнасць , і ператвораны ў бусла. Чалавек надзяляў гэтую птушку шырокімі магічнымі функцыямі. Бусел - апякун і распарадчык ураджаем і дабрабытам сям'і , істота , якае прыносіць дзяцей , мае сувязь з продкамі і г.д. Гэта свяшчэнная птушка, якая ахоўвае ад усяго негатыўнага, у вузкім сэнсе - сям'ю, у шырокім сэнсе - народ .
Асноўная ідэя выставы: праз прадметы этнаграфіі , фальклорныя тэксты рэканструяваць абрады, звязаныя з выявай бусла ў беларускай міфалогіі , разам з буслом паказаць птушыныя вобразы наогул у вышыўцы, ткацтве , народным касцюме , іншых праявах духоўнай і матэрыяльнай культуры беларусаў , а таксама сувязь з семантыкай арнаментаў ў ручніках і іншых прадметах ткацтва і вышыўкі."

       Ганна Аляксандраўна ўзгадала аб тым што На провады Каляд 21 студзеня ў Бярэзінскім раёне дагэтуль спраўляюць архаічны абрад "Цягнуць Каляду на дуба”.Гэты абрад занесены ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Як гэта адбываецца? Рыхтуюць кола або барану, вараць куццю ў гаршку, гатуюць у складчыну калядныя абрадавыя стравы, якімі частуюцца разам пасля абраду, гуляюць, танцуюць. Абрад пачынаецца з таго, што з куля саломы ад вымалачанага зажыначнага снапка робяць жаночую іпастась. Гэта і ёсць Каляда, якую вязуць да бліжэйшага дуба сярод поля і ўсцягваюць на яго разам з куццёй. У некаторых вёсках усцягваюць толькі саламяную ляльку-Каляду або толькі барану ці кола. Захавальнікі абраду кажуць, што такім чынам запрашаюць бусла, а Каляду цягнуць —ад грому і маланкі, каб не спаліла ўраджай. Нават песня ёсць, прымеркаваная да абраду, і ў ёй словы, з якімі ўсцягваюць на дрэва Каляду: "каб сядзела высока і глядзела далёка, каб расло жыта і пшаніца, каб авёс добры рос”. У адной з вёсак Бярэзінскага раёна кола на дуб усцягвала маладая пара, якая ў Мясаед брала шлюб. На Благавешчанне яны ішлі глядзець, ці пасяліліся буслы. Калі прыляцелі і зрабілі кубло, сямейнае жыццё маладых будзе шчаслівым. Такім чынам, бусел — гэта птушка, якая звязвае неба і зямлю, захавальнік ураджаю і нябеснага агню, ахоўнік сям’і.

     Галоўны скарб нашай краіны — ЛЮДЗI! Яны ўслаўляюць сваю зямлю, нясуць у свет добрае iмя беларусаў. Ганна Аляксандраўна звярнулася са шчырымі словамі падзякі да  майстроў народнай творчасці, захавальнікаў традыцыйных рамёстваў у нашым раёне за тое, што яны зберагаюць для нашчадкаў гэту прыгажосць, створаную сваімі ўмелымі рукамі і ўручыла падзячныя лісты аддзела ідэалагічнай работы,культуры і па справах моладзі майстрам. Зінаіда Міхайлаўна Карэнька з вёскі Любушаны, не гледзячы на паважаны ўзрост, змагла асабіста пабыць на выставе і пабачыць, што выстава выклікала цікавасць як дзяцей, так і дарослых.
      Зямля для народа неабходна, як глеба для дрэва. А мова, літаратура кожнай краіны, яе культура — плён гістарычнага развіцця нацыі. Толькі на роднай зямлі чалавек дыхае свабодна, адчувае падтрымку сваіх блізкіх і родных, можа карыстацца спадчынай продкаў.

    Выстава "Зямля пад белымі крыламі" прысвечана 70-ай гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Наперадзе новыя цікавыя сустрэчы і выставы!

Просмотров: 3004 | Добавил: майстры
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]